Савіцкі Г.У.,
дырэктар УК «ВАКМ»
Гісторыя музея пачынаецца яшчэ з дарэвалюцыйных часоў, калі ў Віцебску дзейнічала некалькі музеяў, калекцыі якіх і сталі ў далейшым асновай фондаў краязнаўчага музея. Аднак пачаткам музея трэба лічыць зварот губернскага аддзела адукацыі аб стварэнні гістарычнага агульнадаступнага музея, які быў змешчаны у мясцовай газеце. На гэты зварот адклікнуўся А. Брадоўскі, які прапанаваў для стварэння музея сваю ўласную калекцыю, вывезеную ім з Вільні ў 1915 г. І ўжо 12 лістапада 1918 г.
губернскі аддзел народнай адукацыі даў згоду на прыняцце калекцыі А. Брадоўскага і выдаў загад № 3407 аб стварэнні губернскага музея і прызначэнні яго загадчыкам А. Брадоўскага [2,c.1]. Калекцыя была перавезена ў будынак былой Духоўнай семінарыі і загадчык прыступіў да стварэння і арганізацыі экспазіцыі музея. Збор А. Брадоўскага налічваў больш за 10 тыс. адзінак захоўвання і быў падзелены ўладальнікам на 40 калекцый, сярод якіх: археалогія, прыродазнаўства, нумізматыка, фалерыстыка, пячаткі, гадзіннікі, абразы, крыжы, рэлігійныя медалі, тканіны, вышыўкі, мазаікі, інкрустацыі, біжутэрыя, жывапіс, французкія і рускія эмалі, мастацкія вобразы з фарфору, мастацкія вырабы з бронзы, рукапісы, яўрэйская калекцыя [1,c.1]. Паводле сведчання прафесара Б.Брэжга, найбольш каштоўнай з гэтых калекцый была нумізматычная.
Памяшканне музея было адрамантавана да канца сакавіка 1919 г. і музей быў адкрыты для наведвання ў маі 1919 г. Акрамя ўласнай калекцыі, дзякуючы намаганням А. Брадоўскага у фонды музея паступіла значная частка калекцый В.П. Федаровіча, калекцыі эвакуіраванага ў Віцебск Віленскага афіцэрскага таварыства, каштоўныя рукапісы. Шмат каштоўных помнікаў было дастаўлена ў музей з рэзідэнцый заможнай шляхты Віцебскай губерні. Акрамя гэтага у склад музея ўвайшлі калекцыі былога музея Віцебскай Вучонай Архіўнай Камісіі, былога царкоўна-археалагічнага музея, увесь прыватны музей В.П. Федаровіча. У 1924 г. пасля смерці славутага гісторыка А.П. Сапунова туды былі перададзены яго архіў (каля 800 рукапісаў) і асабістыя рэчы. З Масквы вярнулі ў музей на захоўванне мошчы св. Еўфрасінні Полацкай. З мэтай стварэння ў будучым яўрэйскага аддзела этнаграфічныя экспедыцыі ладзіла яўрэйская секцыя Віцебскага акруговага краязнаўчага таварыства. У выніку гэтай дзейнасці фонды музея падчас далучэння Віцебска да БССР у 1924 г. налічвалі ужо каля 30 тыс.адзінак захоўвання [3,c.15]. У гэтым жа годзе Віцебскі губернскі музей атрымаў статус адзялення Белдзяржмузея ў Віцебску і адпаведна дзяржаўнае фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту. Быў прызначаны новы дырэктар, якім стаў Я.І. Васілевіч, які да таго часу знаходзіўся на навуковай працы ў БДУ.
Рашэннем СНК БССР ад 4 лістапада 1924 г. Віцебскаму музею быў перададзены будынк гарадской ратушы. Але мясцовыя ўлады чынілі перашкоды пры перадачы будынка, у выніку чаго фондавыя калекцыі музея на працягу амаль двух гадоў знаходзіліся ў розных памяшканнях (апошнім прытулкам былі былыя вінныя склады), перш чым яны занялі сваё законнае месца ў ратушы.
У 1924—1926 гг. актыўна папаўняліся і сістэматызаваліся фондавыя калекцыі, выпрацоўваліся планы будучай новай экспазіцыі, якая павінна была заняць тры паверхі ратушы. Новая экспазіцыя была адкрыта 27 красавіка 1927 г. у час правядзення І акруговага з’езда Саветаў і складалася з шасці аддзелаў: археалагічнага, гістарычнага, мастацкага, этнаграфічнага, сучаснай прамысловасці, царкоўнага [2,c.38].
У жніўні 1928 г. усе адзяленні Белдзяржмузея былі пераўтвораны ў самастойныя гаспадарчыя адзінкі з уласным бюджэтам. У сувязі з гэтым Віцебскаму музею была дадзена назва “Віцебскі Беларускі Дзяржаўны Культурна-Гістарычны музей” [3,c.36].
Карэнныя змены, што адбываліся ў Савецкім Саюзе з канца 20-х гадоў закранулі ўсе сферы дзейнасці, не абмінулі яны і музейную справу. Музеі ўсё больш уключаюцца ў палітасветную і ідэалагічную работу, не абмінуў гэтага і Віцебскі культурна-гістарычны музей. У лютым 1930 г. спецыяльнай камісіяй, якая складалася з прадстаўнікоў рабоча-сялянскай інспекцыі, гарсавета, а таксама дырэктара Магілёўскага краязнаўчага музея У.Л. Вянюкова, адбылася праверка музея. Па выніках якой камісія канстатавала нізкі ідэалагічны ўзровень яго работы. Па выніках работы камісіі 11 лютага 1930 г. Віцебскі акруговы камітэт КП(б)Б прыняў пастанову, згодна якой увесь навуковы персанал музея быў зволены [2,c.52]. З мэтай паляпшэння ідэалагічнай работы старая экспазіцыя была разабрана і пачалося стварэнне новай. Сапраўдныя музейныя прадметы пачалі замяняць плакаты, фотаздымкі, макеты і копіі. У 1932 г... згодна пастанове сакрытарыята віцебскага ГК КП(б)Б, Віцебскі культурна-гістарычны музей быў перайменаваны ў сацыяльна-гістарычны “з адлюстраваннем грамадскіх фармацый і рэвалюцый” [3,c.52]. Новы кадравы састаў музея працягваў работы па стварэнню новай ідэалагічна правільнай экспазіцыі.
Нарэшце 15 чэрвеня 1938 г. пасля доўгатэрміновай рэканструкцыі адкрылася новая экспазіцыя Віцебскага музея, якая складалася з трох адзелаў: старажытная гісторыя. сярэдневяковая гісторыя, аддзел сацыялістычнага будаўніцтва і сталінскай Канстытуцыі. Апошні аддзел займаў найбольшую плошчу і ўяўляў візуальны варыянт “Кароткага курса УКП(б)”. [3,c.53].
У маі 1940 г. у будынку Антоніеўскага касцёла адкрыўся філіял Віцебскага сацыяльна-гістарычнага музея – Антырэлігійны музей. Падчас яго адкрыцця гледачы маглі ўбачыць толькі адзін аддзел пад назвай “Рэлігія і навука аб светаўтварэнні і чалавеку”. Да канца 1940 г. планавалася адкрыць яшчэ тры аддзелы, якія называліся “Рэлігія ў класавым грамадстве”, “Рэлігія на службе імперыялізму і контррэвалюцыйная роля яе ў СССР”, “Будаўніцтва шчаслівага жыцця ў СССР без рэлігіі і папоў”. У цэнтры касцёла стваральнікі новага музея ўмацавалі маятнік Фуко, як сведчанне абарачэння Зямлі.[3,c.53].
Цяжкія выпрабаванні выпалі на Віцебскі абласны музей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Музей не паспелі падрыхтаваць да эвакуацыі з-за вельмі хуткага наступлення нямецкіх войскаў. Віцебск быў узяты немцамі ўжо 11 ліпеня 1941 г. У вельмі сціслыя тэрміны частка калекцыі абласнога музея была пагружана ў вагон разам з фондамі Мастацкай галерэі Ю.М, Пэна і адпраўлена ў Куйбышаў, а потым – у Саратаў. Дакладныя спісы эвакуіруемых калекцый саставіць не паспелі, а значная частка фонду, каля 15 тыс. прадметаў, засталася ў Віцебску большасць з іх бясследна знікла пад час акупацыі. Засталіся ў горадзе таксама зборы Антырэлігійнага музея, дзе захоўваліся бібліятэкі закрытых каталіцкіх кляштараў [4,c.8].
У хуткім часе пасля вызвалення горада ад акупантаў пачалося аднаўленне музея. Ужо 4 верасня 1944 г. СНК БССР зацвердзіў пастанову Віцебскага абласнога савета дэпутатаў аб узнаўленні дзейнасці Віцебскага дзяржаўнага гістарычнага музя. Згодна з планам, структурна ён павінен быў складацца з трох раздзелаў: 1) Віцебск і вобласць да рэвалюцыі 1917 г.; 2) Віцебск савецкі – росквіт горада і вобласці пасля Кастрычніка; 3) Віцебск у гады Айчыннай вайны [4,c.28].
Першыя вынікі работы па збіранню экспанатаў былі прадстаўлены ў ліпені 1945 г. на выстаўцы “Віцебская вобласць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Мастацкае вырашэнне выстаўкі было вельмі простым, тым не менш яна карысталася поспехам ў наведвальнікаў. Працягвалася праца па стварэнню стацыянарнай экспазіцыі, якая была створана ў пачатку 1950-х гг.
На працягу другой паловы 1950-х гг. стацыянарная экспазіцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея набыла наступную структуру: 1) раздзел прыроды; 2) раздзел дасавецкага перыяду; 3) раздзел савецкага перыяду (1917—1945); 4) раздзел пасляваеннага сацыялістычнага будаўніцтва. У 1960 г. быў адкрыты асобны мастацкі адзел. За той жа час паўсталі тры філіялы Віцебскага музея – былая турма СД ў Віцебску, а таксама экспазіцыі, прысвечаныя падпольнай групе “Юныя мсціўцы” (Обаль) і генералу Л.М. Даватару (Ула) [4,c.69].
Праводзілася работа па комплекснаму камплектаванню фондаў. Толькі ў 1961 г. Віцебскі абласны музей правёў 4 комплексныя гісторыка-побытавыя экспедыцыі. На працягу трох палявых сезонаў яго супрацоўнікі ўдзельнічалі ў рабоце экспедыцыі Інстытута археалогіі АН СССР у Талачынскім раёне. Вынікі экспедыцыйных здабыткаў былі прадстаўлены на абласным семінары музейных работнікаў у 1961 г. [4,c.69]. Вялася і актыўная навукова-асветная работа, праводіліся экскурсіі па экспазіцыі і на выставах.
1970-я гг. былі часам актыўных пошукаў навуковых супрацоўнікаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў галіне методыкі пабудовы экспазіцыі. Да найбольш удалых эксперыментаў трэба аднесці аўтаматычную аудыёсістэму, з дапмогай якой аповяд экскурсавода суправаджаўся гукавым фонам, што адпавядаў зместу аднаго з 22-х залаў. У 1976 г. пачалася рэстаўрацыя Віцебскай ратушы, у сувязі з чым доступ публікі да стацыянарнай экспазіцыі быў абмежаваны, а неўзабаве ўвогуле спынены. Асноўную ўвагу падчас правядзення рэстаўрацыйных работ, якія зацягнуліся на доўгія 18 гадоў, супрацоўнікі абласнога музея звярнулі на камплектаванне фондавага збору і стварэнне выставак. Для папаўнення фондаў наладжваліся комплексныя экспедыцыі, пад час якіх былі сабраны прылады працы і побыту сялян, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, матэрыялы па гісторыі партызанскага руху, калгаснага будаўніцтва, індустрыялізацыі. Паступалі матэрыялы археалагічых даследванняў Верхняга і Ніжняга замкаў. Паўсталі асабовыя фонды выдатных селікцыянераў краю І.К. Марозава і І.К. Сікоры. На пачатку 1980 г. агульная колькасць прадметаў калекцый ужо дасягнула 88 тыс. У тым жа годзе было арганізавана 13 выстаў ў музеі і па 18 па-за яго межамі. Найбольшай папулярнасцю карысталася гісторыка-краязнаўчая і мастацтвазнаўчая тэматыка – “Архітэктура Віцебска”, “Нашы землякі – пісьменнікі”, “Вопратка сялян канца XIX – пачатку XX стагодзя”, “Фарфор і шкло XIX стагодзя” і інш. [4,c.115].
У 1988 г. былі заснаваны два новых філіяла Віцебскага абласнога музея – Музей-сядзіба І.Я. Рэпіна “Здраўнёва” і літаратурны музей ў Віцебску. Яшчэ адзін новы філіял быў створаны ў 1992 годзе, пасля перадачы Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею будынка былога абкома КПБ (помнік архітэктуры кан. 19 — пач. 20 стст.) Датай адкрыцця Віцебскага мастацкага музея можна лічыць 3 ліпеня 1992 года – дзень адкрыцця першай выставы ў будынку музея – выставы твораў Ю.М. Пэна.
Адначасова са стварэннем Мастацкага музея ішла падрыхтоўка да адкрыцця новага філіяла і 22 Ліпеня 1993 г. на аснове прыватнага збора вядомага віцебскага калекцыянера Івана Данілавіча Галькевіча быў адкрыты яшчэ адзін філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея: Музей прыватных калекцый. Усе экспанаты музея (больш за 7 тыс. прадметаў) былі перададзены у дар пасля смерці калекцыянера яго удавой Аляксандрай Пятроўнай Галькевіч.
У пачатку 1990-х пасля заканчэння рэканструкцыі ратушы пачынаецца аднаўленне экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці галаўнога музея. Выставы арганізоўваліся у двух накірунках – часовыя кароткатэрміновыя і стацыянарныя. Першай стацыянарнай выставай стала выстава прысвечаная 50-ці годдзю вызвалення Беларусі, якая з некаторымі зменамі дзейнічае і зараз. Другая стацыянарная выстава “Старажытны Віцебск” была адкрыта ў 1998 годзе, тут прадстаўлены матэрыялы з археалагічных раскопак горада, якія захоўваліся ў фондах абласнога музея. І апошняя стацыянарная экспазіцыя адкрылася ў 2003 годзе, прысвечана яна прыродзе віцебскага края. Увогуле за гэты перыяд у Ратушы было праведзена каля 700 разнастайных выстаў. Некаторыя рэчы з фондаў музея выстаўляліся і ў іншых музеях, так напрыклад у Ню-Ёрку выстаўляліся творы Ю.Пэна.
І канешне ў гэты час вялася актыўная навуковая дзейнасць, праводзіліся канферэнцыі, вялася навуковая інвентарызацыя, выходзілі зборнікі навуковых артыкулаў.
Фактычна у 90-я гг. сфарміраваўся сучасны воблік музея, гэта не адна Ратуша, а цэлы комплекс музеяў. У 2004 годзе аднавіў сваю дзенасць, пасля доўгага перапынку з канца 80-х гг., яшчэ адзін філіял – Музей памяці патрыётаў Віцебшчыны, былая турма СД. І склад музейнага комплекса застаецца такім і па сённяшні дзень.
Спіс выкарастаных крыніц і літаратуры.
1. Анкета А. Бродовского // Витебский областной краеведческий музей НА 41/1. – Л. 9.
2. Годовой отчёт Витебского губернского музея за 1920 год // Витебский областной краеведческий музей НА 5/2. – Л. 1-2.
3. Гужалоўскі, А.А. Музеі Беларусі (1918—1941 гг.) / А.А. Гужалоўскі. – Мн.: НАРБ, 2002. – 176 с.
4. Гужалоўскі, А.А. Музеі Беларусі (1941—1991 гг.) / А.А. Гужалоўскі. – Мн.: НАРБ, 2004. – 218 с.
