Прэзентація мультымедыйнага зборніка “Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі” 21 красавіка 2011 г. у 17.00, Ратуша

Мультымедыйны зборнік “Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі” выдаецца па выніках аднайменнага конкурсу, што праводзіўся на пачатку 2011 г. Аўдыторыяй, прыцягнутай да ўдзелу ў “Замках”, былі маладыя людзі, якія навучаюцца альбо працуюць у горадзе Віцебску, цікавяцца гісторыяй краю, яго мастацтвам і культурай, перапітыямі лёсу асобаў, звязаных з гэтай мясцовасцю.

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі мусілі абраць сабе адну найбольш “шчаслівую” з трынаццаці тэмаў, прысвечаных гісторыі віцебскіх замкаў у яе – гісторыі – шырокім разуменні. Тэмы ахоплівалі палітычнае і ваеннае мінулае краю і яго ўплыў на лёс віцебскіх замкаў; архітэктурны і горадабудаўнічы генезіс замкавых тэрыторый; ролі разнастайных асобаў у гісторыі віцебскіх замкаў; побытавыя і штодзённыя ўмовы жыцця на гэтых тэрыторыях; асноўныя заняткі замкавых жыхароў; хронікі знішчэння ўмацаванняў і інш.

Праект “Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі” выявіў сярод моладзі сапраўдных аматараў даўніны, “miłośników” мінулага. Некаторыя з дасланых работ абазначылі патэнцыял на больш шырокую распрацоўку тэмаў, адлюстравалі па-сапраўднаму аналітычныя задаткі сваіх аўтараў, маюць няхай і апасродкаваны, але навуковы характар. Да такіх найперш адносяцца тэксты Уладзіміра Булаўскага, Юліі Пухавіцкай, Дар’і Саўчанка, Кацярыны Зубрэвіч і Вольгі Лясной. З улікам таго, што тэксты на дадзеным зборніку не рэдагаваліся стылістычна і факталагічна, любы жадаючы зможа пераканацца, альбо наадварот, паспрачацца з падобнымі высновамі.

Сярод пераважна студэнцкіх работ дзве былі дасланыя вучнямі гімназіі №3. Мы глыбока перакананыя, што гэтым ўдзельнікам варта задумацца аб працягненні сваіх гістарычных штудый на новым, больш высокім узроўні.

Разам з тым, конкурс вельмі рэльефна адлюстраваў і шэраг праблемных месцаў сучаснай гуманітарнай адукацыі, на якія павінна звярнуць увагу сістэма вышэйшай школы на Беларусі. У некаторых з работ канкурсантаў адсутнічае логіка паведамлення, не адсочваецца элементарны падзел на ўводзіны, асноўную частку і заключэнне. Часам, нават старшакурснікі “блукаюць” па датах, прымаючы на веру сведчанні з тэкстаў XIX ст. і не пераправяраючы іх сучаснымі даследаваннямі. Нечакана часта аўтары “вылазяць” за рамы прапанаваных тэмаў: аб’ектна і асабліва храналагічна. Асобная і, бадай, найбольш важная з выяўленых праблем – няўважлівае карыстанне крыніцамі і спасылкамі на іх. Трэба аддаць належнае ўдзельнікам конкурсу – чысты плагіят па сістэме copypaste не быў заўважаны і мы маем спадзяванне, што яго сапраўды не было.

Да конкурсных работ на дыску арганізатары “Замкаў Віцебска” дадалі некалькі відэа-прэзентацый з удзелам экскурсавода Аляксандра Сажына і гісторыкаў ды археолагаў, якія літаральна адкрывалі для грамадства гісторыю віцебскіх замкаў: Таццяна Станіславаўна Бубенька, Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі, Ігар Анатольевіч Цішкін. За дапамогу і ўдзел арганізатары шчыра дзякуюць ім.

Таксама са словамі падзякі за карысныя парады і дапамогу ў ажыццяўленні конкурсу нельга не прыгадаць выкладчыкаў гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Д. В. Юрчака і А. М. Дулава, віцебскага гісторыка І. А. Абрамаву, супрацоўнікаў выставачнай залы “Духаўскі круглік” і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Якаснаму ўвасабленню праекта паспрыялі фатографы Юрый Шэпелеў і Алег Вайцяховіч, відэааператары Яўген Міронаў і Danila Berencef, дызайнеры Ігар Сувораў і Захар Шлімакоў. Акрамя таго, мы ўдзячныя Андрусю Палаўчэню, музычнаму гурту “Hvarna”, Ігару Юхневічу, Ірыне Лобан.

Раман Воранаў,

МА, каардынатар конкурсу “Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі”.

Па любых пытаннях не саромцеся звязвацца з намі:
+375 29 716-28-80 (Раман)
zamki@vitebsk4.me

АФІША
Выстава касцюмаў нацыянальных меншасцей Кітая  «Хай квітнеюць сто кветак...»

У Віцебскім абластным краязнаўчым музее адбылося адкрыцце незвычайнай выставы кастюмаў нацыянальных меншасцей Кітая «Хай квітнеюць сто кветак...». Кітай – шматнацыянальная дзяржава са старажытнай гісторыяй, краіна, якая зачароўвае сваёй нестандартнасцю, краіна сучасных тэхналогій, існуючых у гармоніі з багатай унікальнай гістарычнай спадчынай. У Кітае жывуць каля 55 розных народнасцей – кожная са сваімі збычаямі, нацыянальнымі касцюмамі і, [...]

З 12 кастрычніка па 10 лістапада 2011 года ў Віцебскім мастацкім музеі працуе рэтраспектыўная выстава твораў Генадзя Лебедзева “ВОБРАЗЫ МІНУЎШЧЫНЫ”

Лебедзеў Генадзь Пятровіч (29.12.1938 Витебск — 14.11.1999 Витебск) – беларускі мастацтвазнаўца, краязнаўца, гісторык мастацтва, мастак. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча (І959), факультэт тэорыі і гісторыі мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. І.Я.Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1980). Даследаваў творчасць Ф.Скарыны, старажытна-беларускае мастацтва, аўтар артыкулаў у Беларускай Энцыклапедыі (выд.І970-х), “Зборы помнікаў гісторыі і культуры. Віцебская вобласць"(І985), у зборніку [...]

Выстава жывапісу Ўладзіміра Восіпава

Да ўвагі наведвальнікаў творы мастака, напісаныя ў перыяд 2000—2011 гадоў, поўныя сімвалічнай вобразнасці, развагі над праблемамі чалавечага быцця і чалавечых узаемаадносін. Уладзімір Восіпаў – сябра Таварыства вольных мастакоў Санкт-Пецярбурга з 1988 года, сябра Беларускага Саюза Мастакоў з 2007 года, працуе ў станковым жывапісе, ў жанрах нацюрморта і тэматычнай карціны, звяртаецца да рэлігійных сюжэтаў і міфалогіі. [...]