Музей заснаваны 26 кастрычніка 1988 г. і размешчаны ў будынку па вул. Фрунзэ, 13 (раней – Задунаўская). Галоўная задача музея палягае ў тым, каб распавесці аб асветніках, пісьменіках, якія нарадзіліся на Віцебшчыне альбо звязаныя з ёй лёсам.
У аснове экспзіцыі знаходзіцца адзінства гістарычнай эпохі, асобы пісьменніка, літаратурнага вобраза. Галоўным экспанатам з'яўляецца мастацкае слова, якое матэрыялізуецца ў аб'ёмна-прасторавых сюжэтных кампазіцыях, у дыялог уступаюць вобразы, створаныя мастаком, сапраўдныя старажытныя прадметы, элементы інтэр'еру будынка. Яны разам ствараюць незвычайныя сюжэты.
Цэнтральная частка экспазіцыі «Легенды і паданні Віцебскай зямлі» пераносіць у свет фантазій нашых продкаў.
Вандроўка ў літаратурнае прошлае пераплятаецца з лёсамі беларусаў і Беларусі. Кожны раздзел экспазіцыі ўводзіць нас у свет чаргі стагоддзяў, знаёміць з гістарычнамі асобамі.
Старонкі гісторыі дазваляюць зазірнуць у старажытную Полаччыну, якая прадстаўляе нам імёны Е. Полацкай, Ф. Скарыны, С. Полацкага, друкаваную спадчыну: Друцкае Евангелле, Евангелле В. Цяпінскага, слоўнік П. Бярынды. Росквіт беларускай дзяржаўнасці акрэслены часамі ВКЛ. Светаўспрыняцце беларусаў тых часоў адлюстроўвае беларуская батлейка. У ёй смешны чорцік са сцэнкі «Цар Ірад» выклікае усмешку кожнага наведвальніка. Праз абрысы вокан дарожнай карэты прамільгнуць партрэты рускіх пісьменнікаў, шляхі якіх пралягалі праз Віцебшчыну: А. Пушкін, М. Гогаль, А. Грын, І. Лажачнікаў. І ў розныя бакі разлятуцца лісты пісьменнікаў – успаміны і ўражанні ад Віцебску.
Рэдкія дакументы і фатаздымкі распавядаюць пра пісьменнікаў 1920х – 1930х гг., якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій: В. Ластоўскі, В. Дубоўка; аб пісьменніках, якія загінулі пад час Вялікай Айчыннай вайны: А. Гейнэ, Р. Жалязняк і інш. Пасляваенную літаратуру Віцебшчыны прэзентуюць У. Караткевіч і В. Быкаў, а таксама пісьменнікі, якія сёння жывуць у абласным цэнтры. У музеі гучыць жывое слова пісьменніка, адбываюцца сустрэчы, прэзентацыі, вечарыны ў коле сяброў.
Віцебскі літаратурны музей – цэнтр нацыянальнай культуры, дзе гісторыя працякае праз жыццё і побыт беларусаў.
Літаратурны музей,
вул. Фрунзэ, 13 (раён плошчы Свабоды).
Тэл.: (0212) 36-50-18.
Мы працуем штодзённа акрамя панядзелка
з 10:00 да 18:00.
