Мастацкі музей

Інтэр'ерМастацкі музей створаны ў г. Віцебску ў 1992 годзе як філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў будынку па вул. Леніна, 32. Будынак з'яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ ст. Ён быў збудаваны ў 1883 годзе па праекту архітэктара І. Камінскага для Акруговага суду.

Імкненне да стварэння мастацкіх экспазіцый прасочваецца ў Віцебску напрацягу многіх дзесяцігоддзяў. Вялікая калекцыя абразоў, партрэтаў уніяцкіх святароў і іншых рэлігійных і дзяржаўных дзеячоў, калекцыя унікальная драўлянай разьбы і прадметаў рэлігійнаг культу знаходзіліся ў Епархіяльным старажытнасховішчы, створаным А. Сапуновым і Е. Раманавым у 1893 г. Мастацкія творы выстаўляліся ў экспазіцыях музеяў В. Федаровіча (к. ХІХ ст.), Губернскім музеі (1919 г.), у якім у 1920 г. «лічыцца (без абразоў) карцін, гравюраў, партрэтаў і літаграфій 150 штук». Унікальнай падзеяй у мастацкім жыцці Віцебску стала спроба стварэння ў 1920-х гг. Музея сучаснага мастацтва.

У 1924 г. мастацкія творы усіх пералічаных музеяў увайшлі ў фонд Віцебскага аддзялення Белдзяржмузея. Сярод гэтых твораў былі: працы галандскіх і італьянскіх мастакоў XVI – XVIII стст. (Джарджанэ, Кс. Розы), заходнееўрапейскіх і рускіх мастакоў XIX ст. (Ж. Давіда, У. Баравікоўскага, М. Антокальскага, І. Айвазоўскага), з Музея сучаснага мастацтва працы В. Кандзінскага, М. Шагала, А. Лентулава, А. Купрына, В. Разанавай, Н. Ганчарова, Д. Штэрэнберга, І. Машкова, П. Канчалоўскага, І. Клюна, Р. Фалька і інш. У 1929 г. у фонды музея паступіла сем графічных работ І. Рэпіна, а ў 1930-х гг. яго абразы «Божая маці з немаўля» і «Хрыстос з кубкам». У 1935 г. у калекцыі Віцебскага музея захоўвалася «194 карціны алеем і 167 акварэльных малюнкаў». У 1939 г. у музей паступіла каля 800 прац з калекцыі Ю. М. Пэна, на аснове чаго было прынятае рашэнне аб адкрыцці галерэі Ю. М. Пэна.

Будынак Мастацкага музеяУ гады вайны большая частка мастацкай калекцыі Віцебскага музея страчана. Сучасная мастацкая калекцыя ў асноўным сфармаваная ў пасляваенны перыяд. Адно з першых вялікіх паступленняў, з большага рускага жывапісу ХІХ ст., адбылося ў чэрвені 1960 г., калі Дзяржаўны мастацкі музей БСССР (ДММ БССР) перадаў Віцебску «58 карцін, 14 партрэтаў, 2 эцюды, 8 скульптур». У 1963 г. у абмен на рукапіснае «Евангелле» XVI ст. ДММ БССР ізноў перадаў 25 экспанатаў, з якіх «23 прадметы жывапісу, 1 – графікі, 1 – скульптуры». У 1967 г. пасля выставы ў ДММ БССР з прыватных калекцый былі прыдбаныя працы К. Каровіна, І. Крамскога, П. Сухадольскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага. У 1992 г. ДММ БССР вярнуў Віцебску 152 работы Ю. Пэна. З даваенных збораў Віцебскага музея захавалася унікальная калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якой прадстаўленыя габелены і вышыўка XVIII ст., шкло першых беларускіх мануфактур, узоры парцэляны расійскіх заводаў Гарднера, Папова, Кузняцова, шкляныя вырабы завода Бахмецьева, а таксама ўзоры заходнееўрапейскага і ўсходняга прыкладнога мастацтва. У пасляваенны перыяд за кошт даравання і закупаў сфармавана калекцыя твораў мастацтва сучасных віцебскіх мастакоў.

Структурна музейны збор Мастацкага музея падзяляецца на калекцыю графікі (5273 музейных прадмета), калекцыя станковага алейнага жывапісу (844 музейных прадмета), калекцыю тэмпернага жывапісу (235 музейных прадмета), калекцыю скульптуры (157 музейных прадмета) і калекцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 прадметы).

Калекцыя станковага алейнага жывапісу складаецца з прац:

  • мастакоў ХІХ ст., якія нарадзіліся на Беларусі: С. Заранка, І. Хруцкі, В. Бялыніцкага-Бірулі, С. Жукоўскага;
  • рускіх мастакоў ХІХ – пач. ХХ стст.: П. Басіна, К. Горскага, Я. Капкова, В. Пярова, П. Сухадольскага, А. Рыцоні, І. Крамскога, І. Левітана, У. Макоўскага, Л. Саламаткіна, І. Рэпіна, В. Паленава, А. Васняцова, П. Верашчагіна, Ю. Клевера, А. Архіпава, Б. Кустодыева, К. Каровіна і інш.;
  • выкладчыкаў і выпускнікоў Віцебскага мастацкага тэхнікума: М. Даўгяла, С. Лі, В. Сухаверхаў, В. Цвірко, С. Андруховіча, І. Ахрэмчыка, Г. Бржазоўскага;
  • вядомых беларускіх мастакоў: П. Данліі, А. Сямілетава, А. Шыбнёва, Б. Аракчэевай, М. Казакевіча, А. Заборава, Х. Ліўшыца;
  • віцебскіх мастакоў сяр. ХХ – пач. ХХІ стст.: В. Дзежыца, І. Бароўскага, В. Ціханенка, Л. Шчамялёва, А. Каржанеўскага, У. Кухараў, С. Гвоздзікава, А. Талкача, П. Явіча, А. Скавародка, В. Шылко, А. Салаўёва, С. Кухто, А. Малея, А. Краўчанка, А. Кавалёва, А. Доманава, Ю. Кегелева і інш.;
  • калекцыі Ю.М. Пэна (166 жывапісных твораў).Ю. Пэн. Гадзіншчык, 1929 г.

Калекцыя графікі прадстаўленая графічнымі працамі І. Рэпіна (11 прац), Ю. Пэна (17 прац), А. Рома, Я. Мініна, Л. Лейтмана, Ахола-Вала, С. Юдовіна. Больш за 100 твораў налічвае калекцыя прац Д. Якерсона. Сучасная віцебская графіка складаецца з твораў Ф. Гумена, В. Ральцэвіча, І. Сталярова, Р. Клікушына, А. Мемуса, Г. Шутава, У. Іванова, А. Шыёнка, І. Шкуратава, У. Вальноў, А. Люцко, Л. Воранавай, П. Кірыліна, А. Карпана, У. Шапо і інш. Шырока прэзентаванае аб'яднанне «Віцебская акварэль».

У калекцыя скульптуры знаходзяцца творы Г. Рыдэра, А. Обера, У. Бяклемішава, а таксама вядомых беларускіх скульптураў З. Азгура, А. Глбава, А. Бембеля, Д. Якерсона. Акрамя таго, маецца некалькі твораў вядомага расійскага скульптара М. Андрэева і скульптуры сучасных віцебскіх мастакоў І. Казака, А. Гвоздзікава, В. Магучага, А. Слепава, Ф. Максімава.

У ліпені 2008 г. Мастацкі музей адчыніўся пасля рэканструкцыі. Агульная плошча будынка складае 1668,3 кв. м., экспазіцыйна-выставачная плошча – 858,1 кв. м., 109,3 кв. м. задзейнічана пад сховішчы.

Сёння ў музеі працуюць наступныя пастаянныя экспазіцыі:Невядомы мастак. Партрэт Антонія Пузыні, кашталяна Мсціслаўскага. XVIII ст.

  • Беларускае (мясцовае) мастацтва XVIII – сяр. ХІХ стст.
  • Калекцыя рускага жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва канца XVIII – пач. ХІХ стст.
  • Калекцыя твораў Ю.М. Пэна.
  • Творы беларускіх мастакоў-выкладчыкаў і выпускнікоў Віцебскага мастацкага тэхнікума.
  • Творы віцебскіх мастакоў 1960—1980-х гг. Жывапіс.
  • Калекцыя прац П. М. Явіча.
  • Калекцыя прац Ф. Ф. Гумена.

У выставачных залах музея пастаянна арганізоўваюцца мастацкія выставы разнастайнай тэматыцы.

У перспектыве музей плануе пашырэнне экспазіцыйных плошчаў, адкрыццё новых экспазіцый: «Творчасць вядомых беларускіх мастакоў 1950—1970-х гг. з фондаў Віцебскага мастацкага музея», «Творы сучасных замежных мастакоў з фондаў Віцебскага мастацкага музея», «Калекцыя рускага ДПМ ХІХ ст. з фондаў Віцебскага мастацкага музея», «Калекцыя заходнееўрапейскага і ўсходняга ДПМ з фондаў Віцебскага мастацкага музея», «Калекцыя абразоў з фондаў Віцебскага мастацкага музея», «Калекцыя габелена, вышыўкі і керамікі сучасных віцебскіх майстроў».

Музей праводзіць вялікую выставачную працу з персанальнымі выставамі мастакоў, а таксама тэматычнымі выстаўкамі, прысвечанымі важным падзеям мастацкага і культурнага жыцця горада і вобласці, разнастайным жанрам і накірункам у мастацтве. Супрацоўнікі распрацоўваюць музейна-педагагічныя заняткі, праводзяць лекторыі для розных катэгорый насельніцтва.

Мы знаходзімся па адрасу :
г. Віцебск, вул. Леніна, 32
(раён пл. Свабоды).
Тэл. (0212) 36-31-45

АФІША
Да 20-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін

2 красавіка 2012 г. ў ратушы адчынілася фотавыстава, прысвечаная 20-годдзю беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін, падрыхтаваная Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь і Кітай – маюць сваю шматвяковую гісторыю, сваю культуру і традыцыі, аднак моцныя сяброўскія адносіны толькі сёння набываюць сваю сілу. 20 студзеня 1992 г. краіны афіцыяльна ўстанавілі дыпламатычныя адносіны. На працягу 20 гадоў абедзве [...]

ІV Нацыянальная выстаўка наіўнага мастацтва “INSITA – 2012”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала

З 3 красавіка па 5 мая 2012 года у Музеі Марка Шагала, Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі праходзе ІV Нацыянальная выстаўка наіўнага мастацтва “INSITA – 2012”. Наіўнае мастацтва, альбо мастацтва insita (прыроджанае) з'яўляюцца часткай больш шырэйшага паняцця мастацтва прымітыва (першаснага, архаічнага, дакласічнага). У экспазіцыях трох раздзелаў суседнічаюць творы як [...]

Мастацкія школы Еўропы

У віцебскім Мастацкім музеі працягваецца ажыццяўленне праекта “Мастацкія школы Еўропы”. З 15 сакавіка па 5 красавіка 2012 года у наведвальнікаў музея ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю двух выкладчыкаў знакамітай Строганаўскай акадэміі. Выстава “МОЯ СТРАНА” прадстаўляе творы мастака, члена Саюза мастакоў Расіі, дацэнта кафедры акадэмічнага малюнка Радзівонава Андрэя Ягоравіча. У экспазіцыю ўвайшлі акварэльныя пейзажы. Лісты спакойныя [...]