Язэп Драздовіч: «Прыйдзе час...»

Ратуша, з 24 лістападаЯзэп Драздовіч

Прыйдзе час... Гэтымі словамі таленавіты жывапісец і графік, майстра дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, грамадска-культурны дзеяч, пісьменнік і настаўнік, этнограф і фалькларыст Язэп Драздовіч часта пачынаў дзённікавыя запісы, гутаркі з моладдзю. Выдатна ўсведамляючы свой грамадзянскі абавязак і задачы, якія стаялі перад беларускай інтэлігенцыяй першай паловы XX стагоддзя, Язэп Драздовіч усімі сіламі сваёй яскравай і незвычайнай, магутнай і высакароднай асобы імкнуўся служыць роднаму народу. Маючы неблагую мастацкую адукацыю, абапіраючыся на глыбокае адчуванне традыцый народнай творчасці, веданне гісторыі Беларусі, легенд і паданняў, Язэп Драздовіч натхнёна спрабаваў развіваць гістарычную тэму ў сваёй творчасці. У сваіх творах Драздовіч разважаў над адвечнымі пытаннямі людскога лёсу, казаў аб Радзіме, сваім народзе, яго імкненні да шчасця і волі, абапіраючыся і на сімволіка-алегарычныя вобразы. А ўласцівае яму традыцыйна-народнае ўспрыняцце свету Драздовіч выразна ўвасабляў у сваіх маляваных дыванах.

У Язэпа Драздовіча былі свае ідэалы, свае погляды на свет, сваё разуменне шчасця... Ён быў закаханы ў сваю Радзіму, свой народ, апантаны творчасцю і ўлюбёны ў мастацтва. Ён заклікаў беларусаў ганарыцца сваёй гісторыяй і культурай, сваімі продкамі. Глыбока ўсведамляў, што мова — гэта тэрыторыя беларушчыны і знак волі. Верыў у беларускую ідэю таксама, як марыў пра жыццё на іншых планетах. Ён спадзяваўся, што прыйдзе час, калі беларускі народ будзе годна жыць на сваёй зямлі. Быў упэўнены ў тым, што такі час прыйдзе. Заклікаў да мужнасці і трываласці...

Дадзеная выстава складзена з твораў, якія захоўваюцца ў Германавіцкім музеі культуры і побыту. Экспазіцыя прымеркавана да выхаду ў свет кнігі “Язэп Драздовіч: ”Прыйдзе час...”, якая і будзе прадстаўлена публіцы на вернісажы. Дадзенае навуковае выданнне ўяўляе сабой зборнік матэрыялаў, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння мастака, падрыхтаваны па ініцыятыве Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча (Германавічы). У кнігу ўвайшлі матэрыялы ІІ Драздовічаўскіх навуковых чытанняў (студзень 2008 года, Віцебск), артыкулы, спецыяльна напісаныя для дадзенага зборніка, маладаступныя і неапублікаваныя раней матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака, даследаванні ўплываў яго творчасці на развіццё сучаснага мастацтва Беларусі. Сярод аўтараў артыкулаў, уключаных у зборнік, вядомыя на Беларусі навукоўцы – дактары мастацтвазнаўства, прафесары Тамара Габрусь і Рыгор Шаура, прафесар Андрэй Майсяёнак, навуковыя супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі кандыдаты мастацтвазнаўства Марыя Грамыка і Ала Лявонава, дацэнты ВДУ ім. П. Машэрава, кандыдаты мастацтвазнаўства Людміла Вакар, Аляксандр Лісаў, Міхась Цыбульскі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка, навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея РБ Надзея Усава, Вольга Архіпава і кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Налівайка, навуковы супрацоўнік гісторыка-культурнага запаведніка “Заслаўе” Юрась Малаш, галоўны рэдактар часопіса “Спадчына”, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка, гісторык, мастак Сяргей Гваздзёў, настаўнік Кліменцій Кожан, мастацтвазнаўцы, крытыкі Таццяна Гаранская, Ларыса Міхневіч, Наталля Шаранговіч. Сваімі артыкуламі выданне “ўпрыгожылі” першыя збіральнікі спадчыны мастака, “прайшоўшыя сцяжынкамі Драздовіча” старшыня творчай суполкі “Пагоня” Алесь Марачкін, старшыня творчага грамадскага аб’яднання “Мастак” Віктар Маркавец, старшыня культурна-асветніцкага цэнтра імя Я.Драздовіча Ада Райчонак. У тэкст кнігі ў скарочаным варыянце увайшлі таксама тэксты аднаго з апантаных даследчыкаў Я.Драздовіча, краязнаўцы з Германавіч Міхася Райчонка, на жаль вельмі рана пайшоўшага з жыцця.

Куратар выставы, рэдактар зборніка,
кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Цыбульскі

АФІША
Да 20-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін

2 красавіка 2012 г. ў ратушы адчынілася фотавыстава, прысвечаная 20-годдзю беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін, падрыхтаваная Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь і Кітай – маюць сваю шматвяковую гісторыю, сваю культуру і традыцыі, аднак моцныя сяброўскія адносіны толькі сёння набываюць сваю сілу. 20 студзеня 1992 г. краіны афіцыяльна ўстанавілі дыпламатычныя адносіны. На працягу 20 гадоў абедзве [...]

ІV Нацыянальная выстаўка наіўнага мастацтва “INSITA – 2012”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала

З 3 красавіка па 5 мая 2012 года у Музеі Марка Шагала, Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі праходзе ІV Нацыянальная выстаўка наіўнага мастацтва “INSITA – 2012”. Наіўнае мастацтва, альбо мастацтва insita (прыроджанае) з'яўляюцца часткай больш шырэйшага паняцця мастацтва прымітыва (першаснага, архаічнага, дакласічнага). У экспазіцыях трох раздзелаў суседнічаюць творы як [...]

Мастацкія школы Еўропы

У віцебскім Мастацкім музеі працягваецца ажыццяўленне праекта “Мастацкія школы Еўропы”. З 15 сакавіка па 5 красавіка 2012 года у наведвальнікаў музея ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю двух выкладчыкаў знакамітай Строганаўскай акадэміі. Выстава “МОЯ СТРАНА” прадстаўляе творы мастака, члена Саюза мастакоў Расіі, дацэнта кафедры акадэмічнага малюнка Радзівонава Андрэя Ягоравіча. У экспазіцыю ўвайшлі акварэльныя пейзажы. Лісты спакойныя [...]