Лебедзеў Генадзь Пятровіч (29.12.1938 Витебск — 14.11.1999 Витебск) – беларускі мастацтвазнаўца, краязнаўца, гісторык мастацтва, мастак. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча (І959), факультэт тэорыі і гісторыі мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. І.Я.Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1980). Даследаваў творчасць Ф.Скарыны, старажытна-беларускае мастацтва, аўтар артыкулаў у Беларускай Энцыклапедыі (выд.І970-х), “Зборы помнікаў гісторыі і культуры. Віцебская вобласць"(І985), у зборніку ''Беларусіка" (кн.І), у часопісах «Весці АН РБ», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», «Мастацтва», «Нёман», «Полымя». Аўтар шэрагу артыкулаў ў перыадычным друку пра беларускае мастацтва другой паловы XX стагоддзя і творчасць мастакоў Віцебшчыны.
На рэтраспектыўнай выставе твораў Г. Лебедзева “Вобразы мінуўшчыны” прадстаўлены жывапісныя кампазіцыі, створаныя ў 1990-я гады. Сярод іх «Цэрквы-блізняты Нараджэння і Пакрава Багародзіцы XVI ст. Пскоў.», “Свята-Мікалаеўская царква ў в. Іказнь”(1992), “Руіны царквы у п.Ула”(1996), і інш.
Мастак пакінуў у сваім архіве шмат замалёвак архітэктурных фрагментаў, арнаментаў. Сярод іх вылучаюцца краявіды Віцебска гістарычнага і Віцебска 1970-х гадоў: віды цэнтральных вуліц горада, адміністратыўных будынкаў і прамысловых аб’ектаў. Каб паказаць сувязь часоў, Лебедзеў вывучаў выяўленчыя матэрыялы: старыя фатаздамкі і малюнкі відаў горада. Частка графічных твораў мастака была выдадзена ў наборы гісторыка-этнаграфічных паштовак (1996), але большасць засталася неапублікаванай. Гэтыя малюнкі сталі ілюстратыўным матэрыялам да невыдадзенай Г. Лебедзевым кнігі “Тысячагадовы Віцебск”.
Вялікую групу твораў графікі складаюць акварэлі, замалёўкі і накіды. Сярод акварэляў “Мужчынскі партрэт”, “Эскіз да гістарычнай карціны” і маляўнічыя краявіды. Мастак пісаў лесіроўкамі, на невялікіх аркушах паперы і асноўную ўвагу надаваў перадачы дакладнасці дэталяў, стану асяроддзя.
Галоўныя сродкі выразнасці ў графіцы Г. Лебедзева – лінія і штрых. Гэта асабліва бачна па партрэтных выявах (партрэты Ф.Гумена, паэта Іванова) і анімалістычных замалёўках. Архітэктурныя накіды цэркваў пяром і тушшу больш пластычныя за фігуратыўныя малюнкі і гэта не дзіўна, бо менавіта яны ствараюць дамінанту графічнай спадчыны мастака. Да ўвагі гледачоў таксама прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, друкарскія формы для эстампаў. Усе гэта – частка спадчыны Генадзя Лебедзева– асобы сапраўды зачараванай даўніной.
А.Крывенькая магістр мастацтвазнаўства
М.Цыбульскі кандыдат мастацтвазнаўства






